САДО́ЎНІЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

арганізацыя, якая садзейнічае вырашэнню задач членаў калектыўнага садаводства.

Ствараецца грамадзянамі на добраахвотных асновах. Фарміруецца, рэгіструецца і кантралюецца раённымі (гарадскімі) выканаўчымі і распарадчымі органамі. Пасля рэгістрацыі С.т. з’яўляецца юрыд. асобай. Дзейнасць С.т., правы і абавязкі яе членаў рэгламентуюцца статутам т-ва. Аб’екты і збудаванні агульнага карыстання, пабудаваныя за кошт мэтавых і членскіх узносаў, з’яўляюцца агульнай маёмасцю т-ва. С.т. мае права займацца таксама прадпрымальніцкай дзейнасцю (прыбытак, атрыманы ў выніку гэтай дзейнасці, выкарыстоўваецца для набыцця маёмасці агульнага карыстання, на яе эксплуатацыю і рамонт).

На Беларусі членамі С.т. могуць быць грамадзяне, якія ў адпаведнасці з зямельным заканадаўствам маюць права на зямельныя ўчасткі для вядзення калектыўнага садаводства.

т. 14, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)